ФРАНЦ ІО́СІФ I (Franz Joseph; 18.8.1830, Вена — 21.11.1916),

імператар Аўстрыі і кароль Венгрыі [1848—1916]. З дынастыі Габсбургаў. Пляменнік і пераемнік імператара Фердынанда I. Ураду Ф.І. I удалося ліквідаваць рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі і Венгрыі, але быў вымушаны выдаць шэраг канстытуцыйных актаў (1851, 1860, 1861). У выніку паражэння Аўстрыі ў аўстра-італа-французскай вайне 1859 адмовіўся ад улады над Паўн. Італіяй, а пасля паражэння краіны ў аўстра-прускай вайне 1866 і пад націскам нацыяналіст. сіл Венгрыі пайшоў на ўтварэнне Аўстра-Венгрыі (1867). Заключыў аўстра-германскі дагавор 1879. Саперніцтва Аўстра-Венгрыі з Расіяй на Балканах стала адной з гал. прычын 1-й сусв. вайны. Яго імем наз. Франца Іосіфа Зямля.

т. 16, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)